РАЁННЫ КОНКУРС МЕТАДЫЧНЫХ І ДЫДАКТЫЧНЫХ РАСПРАЦОВАК “НАСТАЎНІК - НАСТАЎНІКУ” ЗАМАЦАВАННЕ ВЕДАЎ ПА ТЭМЕ “НУМАРАЦЫЯ МНАГАЗНАЧНЫХ ЛІКАЎ УРОК МАТЭМАТЫКІ Ў 4 КЛАСЕ

Тэма: “ Замацаванне ведаў па тэме “Нумарацыя мнагазначных лікаў”

Настаўнік Баран Людміла Іосіфаўна

Тып урока: урок комплекснага прымянення ведаў і ўменняў (замацавання)

Мэта: замацаванне ведаў па тэме “Нумарацыя мнагазначных лікаў” і выкарыстанне атрыманых ведаў у практычнай дзейнасці

Задачы:

адукацыйныя:

  • замацаваць веды па чытанні, запісу мнагазначных лікаў;  уменні вызначаць разрадны састаў мнагазначных лікаў, параўноўваць мнагазначныя лікі;
  • замацаваць уменні рашаць задачы на знаходжанне перыметра прамавугольніка, на знаходжанне чацвёртага прапарцыянальнага;
  • спрыяць фарміраванню навыкаў вусных і пісьмовых вылічэнняў.

развіваючыя:

  • стварыць умовы для развіцця ўмення ажыццяўляць кантрольна-ацэначную дзейнасць у працэсе самаацэнкі і ўзаемаацэнкі выкананага задання, у працэсе самакарэкцыі вучэбнай дзейнасці;
  • садзейнічаць развіццю матэматычнай мовы навучэнцаў, іх пазнавальных працэсаў і мысліцельных навыкаў;
  • садзейнічаць авалоданню спосабамі сумеснай дзейнасці ў пары;

выхаваўчыя:

  • садзейнічаць выхаванню любові да сваёй Радзімы, беражлівых адносін да яе прыродных багаццяў;
  • выхоўваць цікавасць да прадмета;
  • выхоўваць пачуццё дабрыні, ўзаемадапамогі.

Абсталяванне: камп’ютарнае абсталяванне, прэзентацыя, карткі для работы ў парах, радыёплэер для музычнай фізкультхвілінкі

 

 

 

Ход урока

І. Арганізацыйны этап (1 мін.)

         - Усе гатовы да ўрока? Я думаю, вы будзеце старанна працаваць. Скажыце пра сябе такія словы: “Я буду старацца, у мяне ўсё атрымаецца”.

Ацэньваць свае веды вы будзеце самі на працягу ўрока з дапамогай  картак: зялёная – усе заданні выканаў правільна, усё зразумеў; жоўтая – было 1-2 памылкі, але я стараўся; чырвоная – не справіўся з заданнем, патрэбна дапамога. Пасля кожнага задання карткі будзеце складваць у канверты. У канцы ўрока падвядзём вынікі.

Сёння мы адправімся ў завочнае падарожжа па самым знакамітым запаведніку Беларусі, сімвалам якога з’яўляецца зубр. Што гэта за запаведнік вы ўжо здагадаліся? Так, гэта Белавежская пушча. (Слайд 2)

ІІ. Мэтавызначэнне. Матывацыя да вучэбнай дзейнасці (1 мін.)

- Вы мне скажаце, што я памылілася. У нас урок матэматыкі. А мы будзем падарожнічаць і замацоўваць веды па тэме “Нумарацыя мнагазначных лікаў”. (Слайд 3)

- Якія задачы паставім перад сабой на ўроку? (Замацаваць веды па чытанні, запісу мнагазначных лікаў, уменні параўноўваць мнагазначныя лікі, уменні рашаць задачы).

Згодны адправіцца ў такое падарожжа?

Ітак, пачынаем…

Ахова прыроды з’яўляецца важнай дзяржаўнай задачай і справай кожнага грамадзяніна.

         Па сваіх памерах, багацці і разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету Белавежская пушча займае першае месца сярод буйных лясоў Еўропы.

 Белавежская пушча — сапраўдны музей жывой прыроды! (Слайд 4)

 ІІ. Актуалізацыя ведаў, уменняў і навыкаў (12 мін)

-У 13 стагоддзі па загадзе князя Ўладзіміра Валынскага ля ракі Лясная быў пабудаваны горад Камянец. А ў ім вежа, якая захавалася да нашых дзён. І называецца яна… Белая вежа. (Слайд 5)

Таму і пушча стала называцца Белавежска-Камянецкай, а ў наш час проста Белавежскай. (Слайды 6-7)

 Матэматычны дыктант.

  • Запішыце лікі, якія сустрэнуцца ў паведамленні. (Настаўнік чытае, вучні запісваюць у сшыткі).

Агульная плошча нацыянальнага парка Белавежская пушча 87363 га. Белавежская пушча ўпершыню ўпамінаецца ў летапісах ў 983 годзе. Пушча памятае нашэсце нямецкіх рыцараў і татар, войны і царскія паляванні. З 1795 года яна пераходзіць ва ўласнасць рускіх цароў. У 1839 годзе для патрэб  рускага флота ў пушчы былі спілены 2384 дубы-веліканы. Для вырабу самых вялікіх частак карабля выкарыстоўваліся дубы ва ўзросце 350 – 390 гадоў. У 1939 годзе Белавежская пушча прызнана дзяржаўным запаведнікам. У 1991 годзе набыла статус Нацыянальнага парку.

- Параўнайце свае запісы з тымі, што на экране.Самаправерка. (Слайд 8)

2) Успомнім, што патрэбна зрабіць, каб правільна прачытаць лікі? (Разбіць  лікі на класы).  Прачытайце запісаныя лікі;

3) Назавіце гэтыя лікі ў парадку нарастання;

4) Назавіце трохзначныя лікі, чатырохзначныя, пяцізначныя;

5) Запішыце два з гэтых чатырохзначных лікаў ў выглядзе сумы разрадных складаемых; узаемаправерка ў парах.

Самаацэнка з дапамогай  картак..(Калі хто не справіўся з заданнем, дзеці тлумачаць і дапамагаюць).

Фізкультхвілінка для вачэй

Вуснае лічэнне

  • А ці ведаеце вы колькі відаў раслін у Белавежскай пушчы?

          Даведацца можна, калі рашыць ланцужок прыкладаў. Увага на экран!

 (Слайд 9)

16 : 2 Х 5 + 210 + 600 – 70 + 120 =? (900)

  • Параўнайце свае адказы з тым, што на экране. Ацаніце сваю работу.

40 відаў раслін занесены ў Чырвоную кнігу. Самае моцнае і даўгавечнае дрэва – дуб.У пушчы ёсць знакамітае дрэва- волат, ствол якога могуць абхапіць некалькі чалавек, узяўшыся за рукі. (Слайд10-11) Самаму старажытнаму дубу амаль 550 гадоў. Ёсць у Белавежы 350-гадовыя ясені і сосны, 250-гадовыя елкі, 400-гадовыя ліпы.

Заданне: назавіце лікі, якія знаходзяцца паміж лікамі 250 і 350, 400 і 550.

ІІІ. Замацаванне ведаў, уменняў і навыкаў (24 мін.)

  • Давайце пазнаёмімся з жывёламі, якія водзяцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы. (Слайд 12)

Шмат гадоў палявалі на гэтую буйную жывёліну. У 1921 годзе нават быў знішчаны апошні зубр. А праз  3 гады ў Парыжы было прынята рашэнне закупіць у заапарках розных краін некалькі асобін. І ў 1929 годзе зубры зноў з’явіліся ў пушчы. Паляванне на іх было забаронена. Зараз у пушчы каля 800 зуброў, а на беларускай  тэрыторыі пушчы – каля 400.

Рашэнне задачы на знаходжанне чацвертага прапарцыянальнага.

(Слайд 13)

  • зубры важаць 2000 кг. Колькі кілаграмаў важаць 5 такіх зуброў?
  • Каб адказаць на пытанне задачы, што трэба ведаць? ( Колькі важыць

адзін зубр.)

  • Ці ведаем,колькі важыць адзін зубр? (Не)
  • А што мы ведаем? (Ведаем, што 2 зубры важаць 2000 кг)
  • Можам даведацца, колькі будзе важыць адзін? (Можам) Якім дзеяннем? (2000 : 2 = 1000)
  • Што даведаемся пасля? (Колькі важаць 5 такіх зуброў) Якім дзеяннем? (1000 х 5 = 5000)
  • Адкажам на пытанне задачы? (Так. 5 зуброў важаць 5000 кг)
  • Запішыце рашэнне задачы і адказ ў сшыткі. (Адзін вучань запісвае на дошцы)

(Самаацэнка)

  • Наша падарожжа працягваецца.

Упрыгожваннем Белавежскай пушчы з’яўляюцца алені. (Слайд 14)

У іх стройнае тулава, высокія тонкія ногі і разгалістыя рогі, якія ўвесну алені скідаюць.

Самастойная работа ў парах. Рашэнне задач

а) Маса аляніхі – 150 кг, а аляня – у 10 разоў меншая. Колькі важаць аляніха і алянё разам?

б) Зубраня важыць 20 кг, а яго маці ў 30 разоў больш. Колькі важаць маці і дзіця разам?

Праверка з тлумачэннем.

Самаацэнка.

  • Галава якога звяра Белавежскай пушчы таксама ўпрыгожана рагамі?

( Лася) Лось вельмі добра плавае. Ён дрэнна бачыць, але добра чуе.

Хто яшчэ водзіцца ў лясах Белавежы? ( Бабры, ваўкі, лісы, барсукі,

рысі, дзікі, вавёркі,зайцы і іншыя)

Фізкультхвілінка ( пад музыку).

На паляне ў бары

Карагодзілі звяры.

Туп, туп, туп –

Ішлі мядзведзі,

А ліса плыла як лебедзь.

Многа, многа касавокіх

Бегла хуценька ў прыскокі.

А нахабныя ваўкі

Нахіляліся ў бакі.

Каля поўнае крынічкі

Пахаваліся сунічкі.

Пад сцябліны і лісты

І пад ельнічак густы.

Індывідуальная работа па картачках

а) Параўнанне лікаў і велічынь.

- Якія веды нам патрэбны, каб правільна выканаць заданне? (Разрадны састаў лікаў, правілы пераўтварэння велічынь. 1 км = 1000 м)

1120 м …  1км 150м (Алень прабег 1120 м, а лось – 1 км 150 м)

4 км 180 м … 6180 м ( Рысь прабегла ў пошуках здабычы 4 км 180 м, а

воўк –  6180 м)

  • …   5980 ( Дзікі з’елі 5888 жалудоў, а вавёркі 5980 арэхоў)

 б) Задача на знаходжанне перыметра  прамавугольніка.

Даўжыня агароджы вальера, за якой жывуць ласі, 1500 м, а шырыня –

300 м. Знайсці перыметр агароджы.

Самаправерка. ( Параўнаць з запісамі на дошцы) Самаацэнка.

ІІІ. Інфарміраванне аб дамашнім заданні (2 мін.)

№ 8, 12 с. 87  ( “Матэматыка” 4 кл.,Т. М.Чабатарэўская., В. У. Нікалаева).

ІV. Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлексія (5 мін)

  • Вось і закончылася наша падарожжа па сцяжынках Белавежскай

пушчы.

  • Што вас здзівіла?
  • Якія заданні былі самымі лёгкімі, якія самымі цікавымі?
  • Пры выкананні якіх заданняў вам патрэбна была дапамога?
  • Ці выканалі мы пастаўленыя ў пачатку ўрока задачы? Прадоўжыце мае

сказы:

Сёння на ўроку я ўспомніў…….

Я паўтарыў……….

Я ўмею ……..

Я магу навучыць іншых…..

  • Падлічыце колькасць картак па колерах. Устаньце тыя, у каго толькі

зялёныя карткі.Паапладзіруйце сабе за цудоўную работу. Малайцы!У каго зялёныя і жоўтыя карткі? Устаньце, паапладзіруем і вам. Вы таксама малайцы! У каго жоўтыя, зялёныя і чырвоныя?  Апладзіруем і вам. Ці ёсць вучні, у каго толькі чырвоныя карткі? Я спадзяюся, што такіх няма.

  • Выстаўленне адзнак.
  • Урок закончаны. Дзякуй за працу. Беражыце прыродныя багацці!

Любіце прыроду!

поделиться в: