Дзяржаўная ўстанова адукацыі
“Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна”
Эсэ
“І сёння ў памяці…”
(раённы этап абласнога праекта
“75 гісторый пра вайну”)
Шайко Іван Аляксеевіч,
вучань 8 класа ДУА “Нарацкая
сярэдняя школа Вілейскага раена”,
старшыня савета дружыны
імя Героя Савецкага Саюза
Канстанціна Зубовіча
Кіраўнік: Кавалёва Ніна Антонаўна, педагог-арганізатар
аг.Нарач, 2020
Часцей, часцей прыпамінай
Імёны паўшых смерцю храбрых
За родны край, наш мілый край, -
Каб над зямлёй, што млела ў ранах,
Плыў гэты сіні-сіні ранак,
Цвіў гэты белы-белы май.
Ніл Гілевіч
Кожны год нас аддаляе ад страшных і трагічных падзей 20 стагоддзя – другой сусветнай вайны, якая была развязана фашызмам.
За пасляваенныя дзесяцігоддзі адбыліся значныя змены ў жыцці народаў былога Савецкага Саюза. Выраслі і пасталелі новыя пакаленні.
2020 год знамянальны ў нашым жыцці – 75-годдзе заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
Перамога дасталася чалавецтву вельмі дорага. Мільёны загінуўшых, апусташальныя разбурэнні, цяжкія пасляваенныя гады.
Кожны подзвіг быў ушанаваны. Самыя значныя былі адзначаны высокім званнем Герой Савецкага Саюза. Больш 11 тысяч савецкіх людзей былі ўганараваны гэтым высокім найменаваннем. Сярод іх – чатыры з Вілейшчыны і сярод іх – мой зямляк з вёскі Папоўцы Канстанцін Міхайлавіч Зубовіч.
21 снежня 1904 года у бацькоў Міхаіла Казіміравіча і Настассі Васільеўны Зубовічаў, нарадзіўся сын, якога 26 снежня ахрысцілі імем Канстанцін, што адзначае стойкі, цвёрды. І гэтыя мужныя рысы характару чалавека пазней поўнасцю пацвердзіліся ў яго жыцці.
Не атрымаўшы вялікай граматы, Канстанцін Зубовіч прыроднай кемлівасцю і працавітасцю ўдасканальваў сваё майстэрства, асвоіў каля дзесятка разнастайных рамёстваў. Ён сам рабіў мэблю для дома, шыў дабротны абутак, якому не было зносу. Умеў цяслярыць. Невыпадкова перад вайной адбудаваў сваю сялібу на новым месцы.
Куплены зруб з Мядзельскага раёна сплавіў у зручны час па Вузлянцы і Нарачанцы, даставіў да яго трысценак і атрымалася прасторная і светлая хата, у якую ён пераехаў са сваёй сям’ёй – жонкай Васілінай Ягораўнай і дзвюма дачушкамі – Марыяй і Галінай.
Зведаў Зубовіч і польскага бізуна, калі за прыналежнасць да мясцовай рэвалюцыйнай арганізацыі адбываў васьмімесячнае турэмнае зняволенне ў Вілейскай турме.
Таму з радасцю сустракаў Канстанцін Міхайлавіч у верасні 1939 года вызваленне Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй, разам са сваімі землякамі прысутнічаў на святочным мітынгу ў недалёкім Войстаме. Яго, як аднаго з самых паважаных людзей ў акрузе, неўзабаве выбіраюць першым дэпутатам Бараўскага сельскага Савета. Ён заўсёды на перадзе – на будаўніцтве і рамонце дарог, устаноўцы слупоў для першай радыёкропкі. Суседзі, ды і малазнаёмыя людзі, якія звярталіся да дэпутата з парадай і дапамогай заўсёды яе атрымлівалі.
І вось для Канстанціна, як і для ўсіх савецкіх людзей, прыйшло цяжкае выпрабаванне – Вялікая Айчынная вайна. Падполле было прывычнай справай для Зубовіча, і ён стаў сувязным мясцовага партызанскага атрада, забяспечваючы каштоўнай інфармацыяй разведчыкау яго атрада.
Аднак у жыцці чалавека ёсць момант, калі ўсё тое, што было ў яго лепшае і праяўлялася ад выпадку да выпадку, з вялікай сілай раскрывалася ў адным якім-небудзь учынку. Для простага беларускага селяніна з Вілейшчыны такі момант настаў хутка пасля таго, як ён у ліпені 1944 года ўступіў у рады Чырвонай Арміі і трапіў на 2-гі Украінскі фронт. Спачатку былі напружаныя заняткі ў вучэбным лагеры пад Белай Царквой, дзе Зубовіч канчаткова перакфаліфікаваўся з хлебароба ў салдата. У ваенных дзеяннях пачаў прымаць удзел з лістапада.
У ноч 5 снежня 1944 года 99 стралковая Жытомірская Чырвонасцяжная дывізія падышла да прыгарада сталіцы Венгрыі – Будапешта, ад якога савецкіх воінаў аддзяляла шырокая, да 900 метраў, водная перашкода – Дунай.
Не, не блакітным, як аб гэтым пішуць паэты, быў у той дзень Дунай. Валіў мокры снег, вецер гнаў крутыя завіткі хваляў. Стралок Зубовіч быў у першай групе дэсантнікаў. На падыходзе да непрыяцельскага берага вораг сустрэў наступаючых шквалам агню. Але атаку савецкіх воінаў ужо нельга было стрымаць. І тут нічым да гэтага часу непрыкметны радавы Кансанцін Зубовіч стаў намнога мацней духам і целам. Не чакаючы, калі паром прычаліць да берага, даўшы чаргу з аўтамата па брустверу траншэі, ён хутка скокнуў водмель і кінуўся наперад, уцягваючы за сабой больш маладых таварышаў. Прарваўшы з дапамогай гранат агароджу з калючага дроту, Зубовіч паўзком наблізіўся да кулямётнага гнязда, адкуль амаль ва ўпор страчыў па наступаючых варожы кулямёт. Канстанцін кідае туды некалькі гранат, і фашысцкі разлік быў поўнасцю ліквідаваны. Шлях наперад адкрыты. Захапіўшы трафейны кулямёт, Зубовіч у той дзень з 17 байцамі, застаўшыхся ў шэрагу з дэсантнікаў, адбіў 5 контратак. Было знішчана шмат фашыстаў, а сямёра ўзяты ў палон. На захоплены плацдарм на наступную ноч пераправілася ўжо ўся дывізія. За той бой 14 байцоў былі прадстаўлены да прысваення высокага звання Героя Савецкага Саюза. Сярод іх і радавы – Зубовіч. Аднак атрымаць узнагароду ён не змог, бо 24 снежня 1944 года загінуў смерццю храбрых у жорскіх баях на вуліцы Будапешта.
Пахаваны Канстанцін Міхайлавіч Зубовіч у адной з брацкіх магіл, дзе на высокім мануменце золатам напісаны прозвішчы герояў, паўшых у баі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.
На Вілейшчыне помняць і шануюць свайго знакамітага земляка. Яго фотаздымак – у галерэі знакамітых людзей Вілейшчыны. Адна з вуліц Вілейкі носіць яго імя, на якой устаноўлена памятная дошка. На доме Зубовіча ў Папоўцах устаноўлена мемарыяльная пліта. Наша дружына дзяржаўнай установы адукацыі “Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна” ганарова носіць імя Героя Савецкага Саюза Зубовіча Канстанціна Міхайлавіча.
Прамая, кароткая дарога з Папоўцаў да Нарочы. Па адзін бок лес, па другі – рака. Па ёй, прасёлачнай, некалі крочыў і Канстанцін Міхайлавіч. Крочыў на вайну. Ішоў – і больш не вярнуўся…
Ён застаўся Героем…
І сёння ў памяці…
Я ганаруся подзвігам зямляка, які не пашкадаваў свайго жыцця дзеля нас з табой. Мы проста не маем права забыць тых, хто даў нам магчымасць жыць.
Тысячы помнікаў і абеліскаў, на якіх высечаны прозвішчы загінуўшых, увекавечваюць іх памяць. Няма ў Беларусі такога кутка, які б не стаў месцам здзяйснення народнага подвіга і няма месца, дзе не шанавалі гэтыя подзвігі.
Даследванне жыцця героя дазваляе мне адчуць значымасць гэтых падзей у гісторыі і ў асабістым жыцці.